Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Падарожжа па Белаазёрску

   Многія жыхары гэтых мясцін памятаюць часы, калі нічога такога тут не было. Ні дарогі, па якой мы зараз едзем, ні гэтых магутных металічных слупоў, паміж якімі нацягнуты электрычныя правады, ні каменных будынкаў, што паказаліся наперадзе. Вузкая прасёлачная дарога, якая пятляла па дрымучым лесе і няходжаным балоце ў пошуках больш сухога месца, была адзіным сродкам зносін з навакольным светам. Людзі, што жылі ў вёсцы Ніўкі, нават і не марылі аб электрычным святле. Газнічка і то не ў кожнай хаце была. Карысталіся галоўным чынам старажытнай лучынай…

   На ўзвышшы, недалёка ад былой Бярозы Картузскай, дзе ў часы панскай Польшчы знаходзіўся канцэнтрацыйны лагер, пачалося будаўніцтва Бярозаўскай ДРЭС. А ў ноч з 28 снежня 1961 года новая электрастанцыя дала першы ток народнай гаспадарцы Беларусі. Гэта быў вынік сапраўднага працоўнага подзвігу. За кароткі тэрмін тут было зроблена і зманціравана 12 тысяч кубаметраў жалезабетонных канструкцый.

   Катлы Бярозаўскай ДРЭС прыстасаваны для працы на чатырох відах паліва: на торфе, вугалі, газе і мазуце. Усе тэхналагічныя працэсы на станцыі механізаваны і аўтаматызаваны.

   Побач з электрастанцыяй рос і горад. Ён і зараз расце, пашырае ўвесь час свае межы. Паглядзіце, хіба не падобны ён на заводскія гарадкі ў Мінску? Усё тут ёсць – сталовыя, кінатэатр, школа-інтэрнат, дзіцячыя сады і яслі, магазіны, бальніца, стадыён, камбінат бытавога абслугоўвання. Будуюцца Дом культуры, Дом гандлю, гасцініца, прафесіянальна-тэхнічнае вучылішча, завод па рамонту электратэхнічкага обсталявання. Усе кватэры ў горадзе газіфікаваны.

   А якія тут цудоўныя краявіды! Магутны гмах галоўнага корпуса Бярозаўскай ДРЭС і сасновы бор. Жылыя каменныя дамы – сярод зеляніны пладовых дрэў. Ад возера, якое з незапомных часоў называецца Белым, узяў сваю назву і горад – Белаазёрск.

   Між іншым, існаванне возера Белага было пад сур’ёзнай пагрозай. Справа ў тым, што яго вадой карыстаецца электрастанцыя. Чым больш набіраўся сілы электрагігант, тым прыкметней пачаў зніжацца ўзровень вады ў возеры. Неабходна было прадухіліць далейшае абмяленне, забяспечыць устойлівую глыбіню. І гідрабудаўнікі знайшлі выйсце са складанага становішча.

   Па суседству з Белым возерам знаходзіцца другое – Чорнае. На беразе яго ў самы кароткі тэрмін вырасла магутная помпавая станцыя. З яе дапамогай была ўтворана штучная рака. Па ёй з аднаго возера ў другое кожную гадзіну перакідваецца каля шасці тысяч кубаметраў вады. Працуе станцыя аўтаматычна. Як толькі ўзровень вады дасягае неабходнай адзнакі, механізмы выключаюцца. І наадварот – ледзь толькі вада ў возеры апусціцца ніжэй вызначанай нормы, помпы зноў пачынаюць сваю нястомную працу.

   Будаўніцтва гіганцкай электрастанцыі змяніла жыццё гэтага краю. Даўно забыта дымная лучына. Забываюцца бядоты мінулых часоў. Ярка гараць увечары электрычныя агні маладога горада, які вырас у мясцінах, што лічыліся некалі заклятымі…

В.Вольскі “Падарожжа па краіне беларусаў”

Разделы сайта